Польшча адправіць вайскоўцаў у Францыю
3- 29.03.2024, 11:24
- 2,252
Для дапамогі з бяспекай на Алімпіядзе.
Польшча пагадзілася адправіць сваіх вайскоўцаў у Францыю для дапамогі з мерамі бяспекі падчас летніх Алімпійскіх гульняў.
Як паведамляе “Еўрапейская праўда”, пра гэта ў Twitter (X) напісаў польскі міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Напярэдадні Мінабароны Францыі згадвала Польшчу, калі казала аб прыцягненні вайскоўцаў з краін-саюзніц да мер бяспекі.
"Узброеныя сілы Польшчы далучацца да міжнароднай кааліцыі, створанай Францыяй для падтрымкі падрыхтоўкі і бяспекі летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года", - напісаў Касіняк-Камыш.
Паводле ягоных слоў, у Парыж адправяць аператыўную групу, у тым ліку кінолагаў з сабакамі.
Галоўнай задачай групы будзе выяўленне выбуховых прыстасаванняў і антытэрарыстычная дзейнасць, дадаў польскі міністр.
Напярэдадні стала вядома, што Францыя плануе прыцягнуць вайскоўцаў з шэрагу партнёрскіх краін да мераў бяспекі падчас правядзення летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы.
Перад гэтым стала вядома, што французскія сілы бяспекі правераць да мільёна чалавек перад Алімпійскімі гульнямі, у тым ліку спартоўцаў і людзей, якія жывуць побач з ключавымі аб'ектамі інфраструктуры.
Таксама на час цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў закрыюць усе аэрапорты вакол Парыжа.